|
Пачатак занятка:
- Арганізацыйны момант
Выхавальнік (В.) Паглядзіце на карту нашай краіны і адкажыце, што абазначаюць сінія стужкі і блакітныя плямкі? (адказы дзяцей). У Бларусі шмат рэк, азёр, балот, таму нашу краіну называюць “СІНЯВОКАЙ”.
(В.) Як можна назваць усе гэтыя водныя багацці адным словам (вадаёмы). Цікава, што ўся гэтая безліч вады ад дна і да самай паверхні густа заселеная.
2.Праблемная сітуацыя
Гучыць гук дасланага электроннага паведамлення
(В.) На электронную пошту дзіцячага сада прыйшло нейкае паведамленне! Цікава, ад каго яно? Давайце паглядзім.Выхавальнік чытае:
-Добры дзень, даражэнькія дзеці! Наш вадаём насяляюць розныя жывыя істоты. Жылі яны ў згодзе, спакойна і мірна. Кожны займаўся сваёй справай. Пакуль між імі не адбылася спрэчка: “Хто з іх самы галоўны і значны ў іх агульным доме?”
Не спакойна стала ў нашым вадаёме: хвалі шумяць і высока падымаюцца, сумуюць жабяняты і стракозы, рыбы набралі ў рот вады, захварэлі многія расліны. Доўжыцца гэты спор па- сённяшні дзень. Надакучыла мне, старой жабе, быць пасіўным гледачом гэтага канфлікту і вырашыла я звярнуцца да вас з просьбай. Ну адкажыце ж, – хто з іх самы галоўны, хто з іх самы карысны і неабходны.
Ход занятка
(В.) Ну што дапаможам старой жабе? (адказы дзяцей) А як гэта можна зрабіць? (прапановы дзяцей)
Мэтапалаганне: Нам неабходна бліжэй пазнаёміцца з найбольш яркімі прадстаўнікамі раслін і жывёл вадаёмаў і паспрабаваць даказаць, што ўсе яны звязаны паміж сабой, адзін аднаму патрэбныя, няма сярод іх галоўных і лішніх, бо вадаём – гэта цэласная прыродная супольнасць.
Дзеці бяруцца за рукі, ідуць па кругу і гавораць:
1,2,3 – мы найлепшыя сябры!
3,4,5 – будзем водныя прасторы аглядаць.
Толькі тым, хто ў казку верыць,
Вадаём адчыніць дзверы.
Гульня-гутарка “Раслінны свет вадаёмаў”
(В.)Раслінны свет вадаёмаў Беларусі багаты і разнастайны.
Хто ведае, як называецца гэта расліна? (адказы дзяцей).Гэта чарот
“Стаяць дзяды над водамі і ківаюць бародамі”.
Паглядзіце ўважліва, у чым адметнасць гэтай расліны? (на верхавіне сцябла чарот мае карычневыя каласкі, сабраныя ў мяцёлку).
(В.) Зараснікі чарота памяншаюць забруджанасць вады. ўзбагачаюць яе карысным для водных жывёл кіслародам. Таксама яны з’яўляюцца домам, надзейным сховішчам і месцам, дзе можна карміцца і выводзіць патомства для многіх жывёл вадаёма.
(В.) А вось другая расліна – стрэлаліст. Як вы думаеце, чаму яго так назвалі? (адказы дзяцей). Правільна, у яго лісце, падобнае на трохкутныя стрэлы. Клубні стрэлаліста служаць ежай для вадаплаўных птушак, андатраў, баброў.
(В.) Паглядзіце і на гэту казачную расліну. Вы, напэўна, ведаеце, як яна называецца? (адказы дзяцей - гарлачык (вадзяная лілія).
Як вы думаеце, на што падобнае лісце гарлачыкаў? (адказы дзяцей -маленькі астравок, страва, аэрадром для стракоз).Многія віды гэтай бессцябліннай расліны ўнесены ў спіс ахоўных раслін Беларусі і уключаны ў Чырвоную кнігу.
(В.) Гэта рдзест, ім сілкуюцца водныя малюскі, казуркі, рыбы. Там жа, у зарасніках рдзеста, а часам на ніжняй частцы яго лісця, яны кідаюць ікру. Некаторыя віды рдзеста служаць ежай для вадаплаўных птушак, андатраў, баброў.
(В.) А гэта расліна – раска, не прымацаваная да дна вадаёма, і свабодна плавае на паверхні вады. Яна насычае ваду кіслародам, служыць кормам для рыб і, разрастаючыся, зацяняе частку вадаёма, ствараючы бяспечнае месца для маладняку.
(В.) Такім чынам, мы з упэўненасцю адказваем, што расліннасць вадаёмаў дазваляе існаваць цэлай экасістэме. У чым яе карысть і неабходнасць? (адказы дзяцей). Яна з'яўляюцца, домам, надзейным сховішчам і месцам, дзе можна карміцца і выводзіць патомства, генератарам кіслароду для ўсіх водных насельнікаў.
Жывёльны свет вадаёма
(В.) Жывёлы ёсць у вадаёме ўсюды: на паверхні вады, у тоўшчы вады, у дна, на водных раслінах, ля берага.
Гульня “Адгадай, чый галасок” (гучаць гукі страказы, камара, жука-плавунца, жабы - выявы насякомых і земнаводных з’яўляюцца на экране па чарзе, як адгадваюць дзеці)
1.Чым сілкуюцца стракозы? (Мухамі, камарамі, мошкамі і іншымі казуркамі)
2.Чаму каля рэк, сажалак і балот заўсёды шмат камароў? (сваё жыццё яны пачынаюць у вадзе, самкі камароў адкладаюць яйкі на паверхні вадаёмаў)
Падрастала – хвост адгадавала,
Сукенку цёмную насіла.
Падрасла– Зялёнай стала,
Хвост на вёслы памяняла.
Як вы разумееце выраз "хвост на вёслы памяняла"? (адказы дзяцей).
Гульнявое заданне “Што спачатку, а што потым” (дзеці дзеляцца на падгрупы, ім неабходна хутка расставіць па парадку карткі з выявамі «ікрынка-апалонік-малёк-жабяня»)
Чаму жука-плавунца называюць драпежнікам? (адказы дзяцей)
(В.) Многія насякомыя вадаёмаў вельмі карысныя для раслін, так як прымаюць удзел у іх апыленні і размнажэнні.Без насякомых раслінны свет вадаёмаў моцна скараціўся бы. У сваю чаргу расліны для насякомых служаць домам і надзейным месцам для вывядзення патомства.
Адгадайце загадкі
Пазнаёмся з вусачом –
Ходзіць толькі ракачом.
А калі ў саган трапляе,
Фрэнч чырвоны апранае. (Рак)
Ці дакладна сцвярджэнне, што ракі ўвесь час адступаюцца назад(толькі адчуўшы небяспеку)
Круглы домік – можа, гномік
У гэтым доміку жыве?
Ён чароўны, гэты домік, -
па дарожцы ён паўзе! (Слімак)
Навошта слімаку рожкі? ( ў слімакоў не адны рожкі-вусікі, а дзве пары:адной ён нюхае, а другая- гэта вочы)
(В.) Ракі і слімакі жывуць толькі у крыштальна чыстай вадзе, у сваім родзе гэта санітары воднай экасістэмы.Яны ядуць лічынак насякомых, знішчаюць адмерлыя часткі жывых раслін, мёртвых рыбак і служаць індыкатарам чысціні вады.
Па зямлі я не хаджу
І на неба не гляджу, вочы маю – не мігаю,
Маю рот – не гавару,
Есць і хвост, але не звер я.
І не птах, хоць ёсць і пер’е.
Хаты з роду не будую, Ды ні трохі не бядую. (Рыба)
У вадаёмах Беларусі шмат розных рыб. Назавіце іх (адказы дзяцей)
Сом,шчупак,акунь, лешч, язь,карась,плотка,галавень, судак,
сцерлядзь,мянтуз, вугор,ёрш, лінь.
Рыбы такія розныя, чаму ж іх называюць адным словам? (адказы дзяцей).
Беларуская рухомая гульня “Шчупак”
Дзеці лічацца і выбіраюць шчупака і матку. Шчупак адыходзіць убок, а ўсе становяцца за маткай і моцна трымаюцца за яе і адзін за аднаго. Шчупак кідаецца то ў адзін, то ў другі бок і імкнецца схапіць самага апошняга ў калоне. Тыя доўгім хвастом стараюцца ўвільнуць ад шчупака. Гульня працягваецца да таго часу, пакуль не будуць схоплены ўсе, хто стаяў за маткаю.
(В.) Жыццё многіх птушак таксама звязана з вадаёмамі.
Як называюцца птушкі, якія ўмеюць плаваць? (вадаплаўныя)
У чым іх асноўнае адрозненне ад другіх птушак?( форма цела, апярэнне, форма дзюбы, ног і г.д) качкі, лебедзі, чайкі, ныркі
Назавіце птушак, якія жывуць ля вадаёмаў Беларусі : чаплі, журавы, буслы, і інш.
Дыдактычная гульня " Кожнай птушцы сваё месца"
(дзеці дзеляцца на падгрупы і павінны правільна падабраць малюнкі з выявамі драпежных, вадаплаўных, балотных птушак і патлумачыць, што іх знешні выгляд (форма цела, дзюбы, ног і г.д.), сведчыць аб ладзе жыцця і звычках).
(В.) Цікава, а хто ж гэта сярод вады жыве, чыя гэта хатка? (Бабра). Незразумела, а як жа бабры ў хатку трапляюць, дзе размяшчаецца уваход у жыллё бабра?(уваход для бяспекі заўсёды размяшчаецца пад вадой).
Заканчэнне занятка
Відавочна, што ў любым вадаёме жыццё раслін і жывёл цесна узаемазвязана. Яны аб'ядноўваюцца ў прыродную супольнасць “вадаём” на аснове харчовых сувязяў. У выніку ў вадзе ўзнікаюць ланцугі харчавання.
1.Гульня “Харчовыя ланцужкі” (дзецям прапануюцца карткі з выявамі раслін і жывёл вадаёма, з дапамогай якіх ім неабходна выкласці харчовыя ланцужкі, пачынаючы з раслін, у той паслядоўнасці, у якой адлюстравана хто кім ці чым сілкуецца)
Напрыклад:
чарот-лічынка -рак
водарасці-апалонікі-ёрш-чапля
стрэлкаліст-карась- шчупак
раска-камар-страказа-жаба-чапля
водарасці-апалонікі-качка
А зараз давайце прыбярэм з вашага ланцужка адну з картак – расліну ці жывёлу. Што адбудзецца? Мы можам гэта зрабіць? (адказы дзяцей).
2.Падвядзенне вынікаў занятка
Зараз мы з упэўненнасцю можам адказаць на пытанне старой жабы,хто з насельнікаў вадаёма самы галоўны, хто з іх самы карысны і неабходны (адказы дзяцей).
Усе насельнікі вадаёма карысныя і неабходныя адзін аднаму, кожны з іх паасобку не пражыве, загіне, таму што кожны насельнік вадаёма жыве за кошт іншага. І цяжка сказаць, хто ў вадаёме галоўны. Тут усе патрэбныя адзін для аднаго, і калі з вадаёма знікнуць якія-небудзь расліны, насякомыя або рыбы, то астатнія жыхары пачнуць хварэць і загінуць.
Давайце адправім наш адказ старой жабе ў выглядзе харчовых ланцужкоў, якія вы саставілі па электроннай пошце.
|